На Бераставіччыне адбылося ўрачыстае адкрыццё свята “Беларусь – наша песня і слава!”

Дзень Незалежнасці−святая дата ў гісторыі краіны. Яе значэнне вызначана бяспрыкладным подзвігам беларускага народа, здзейсненым для выратавання Айчыны, яго велізарным укладам у разгром нацызму. Колькі б гадоў ні прайшло, мы ніколі не забудзем, якой цаной нам дасталася свабода і незалежнасць. І таму гэты дзень ва ўсіх кутках краіны адзначаецца як самае галоўнае свята. У тым ліку і на Бераставіччыне. Урачыстае адкрыццё свята “Беларусь – наша песня і слава!, прысвечанае Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, адбылося на летняй пляцоўцы амфітэатра ў гарадскім парку.

Гучнымі апладысментамі сустракалі гледачы артыстаў Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, якія ў песнях і вершах апелі прыгажосць роднай зямлі, распавялі пра любоў да Радзімы, павіншавалі бераставічан і пажадалі Беларусі росквіту, міру і дабра на доўгія стагоддзі.

Вялікі гонар за краіну, бязмежная ўдзячнасць тым, хто не шкадуючы жыцця абараняў яе незалежнасць для будучых пакаленняў – вось тыя пачуцці, якія адчулі без выключэння ўсе слухачы.

Ганна ПУГАЧЭЎСКАЯ

Фота аўтара